БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.
Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.
т. 3, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)